МА́ЙЯ ПІСЬМО́,

арыгінальнае пісьменства народа майя. Існавала з першых ст. н.э. да забароны ў 16 ст. ісп. царквой (кнігі майя былі знішчаны). Захаваліся 4 рукапісы: дрэздэнскі («Дрэздэнскі кодэкс», знойдзены ў Вене ў 1739), мадрыдскі («Кодэкс Тро-Картэзіянус», урыўкі з 2 манускрыптаў, знойдзеных у 2-й пал. 19 ст. ў Мадрыдзе), парыжскі («Кодэкс Перэсіянус», 2 урыўкі, знойдзеныя ў Парыжы ў 1859), рукапіс Гралье (апубл. 1973) і значная колькасць надпісаў на камянях руін гарадоў майя (на многіх сляды наўмысных пашкоджанняў). Кнігі майя ўяўляюць сабой паласу паперы, вырабленую з расл. валакна і натуральнага клейкага рэчыва і пакрытую з абодвух бакоў белай вапнай. Іерагліфічныя знакі выводзілі пэндзлікамі. Побач з пісьмёнамі размяшчаліся рознакаляровыя малюнкі. Да манускрыпта дадавалася драўляная ці скураная вокладка. Надпісы на камянях і ў рукапісах значна адрозніваліся. У М.п. ўжываліся фанет. знакі (алфавітныя і складовыя), ідэяграфічныя (абазначаюць цэлыя словы) і ключавыя (тлумачаць значэнні слоў, але не чытаюцца). Майя ведалі каля 800 знакаў. Мова іерагліфічных тэкстаў значна адрозніваецца (вымаўленне, слоўнік, граматыка) ад жывой мовы майя 16—17 ст. Іерагліфічныя тэксты і надпісы майя перакладзены не цалкам (каля 85%). Першыя спробы расшыфроўкі — сярэдзіна 19 ст. У сярэдзіне 1950—60-х г. вял. ўклад у дэшыфроўку М.п. зрабіў рас. вучоны Ю.Кнарозаў.

Літ.:

Кнорозов Ю.В. Система письма древних майя. М.; Л., 1955;

Яго ж. Иероглифические рукописи майя. Л., 1975;

Александровский Г. Майя. Иероглифы и пирамиды // Наука и жизнь. 1997. № 11.

Пісьмо Майя. Старонка дрэздэнскага рукапісу.

т. 9, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)